Для родителей 

Змены ў новай рэдакцыі ”Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі“

 

23 ліпеня 2008 г. быў прыняты Закон Рэспублікі Беларусь “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”, які з’яўляецца вынікам шматгадовай працы вялікага калектыву навукоўцаў і зацвярджае новую рэдакцыю існуючых “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”. Закон уступае ў дзеянне з 1 верасня 2010 г.

Неабходнасць увядзення “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” абумоўлена наступнымі прычынамі:

  • Звод  “Правіл  беларускай арфаграфіі  і  пунктуацыі”,  выдадзены ў 1959 г., ужо даўно стаў бібліяграфічнай рэдкасцю і амаль недаступны для карыстальнікаў.
  • Правапіс     рэгламентуе     аднастайную    перадачу   на   пісьме жывой  мовы, і таму ён не можа працяглы час заставацца без змен. Беларускі правапіс, які ў значнай ступені грунтуецца на фанетычным прынцыпе, асабліва адчувальны да любых змен у мове, таму ён таксама павінен перыядычна ўдакладняцца і ўдасканальвацца. Асабліва востра паўстала гэта праблема для беларускай мовы ў канцы ХХ ст., калі ў сістэме беларускай мовы і моўнай практыцы адбыліся істотныя змены. Значна абнавіўся слоўнікавы склад мовы, лексіка папоўнілася шматлікімі запазычаннямі, на старонках беларускамоўнага друку атрымалі пашырэнне варыянтныя напісанні. Усё гэта абумовіла надзённасць упарадкавання беларускага правапісу.
  • У падрыхтаваным Законе  Рэспублікі Беларусь  Аб  Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” істотна ўдакладнены ў адпаведнасці з сучасным узроўнем лінгвістычнай навукі фармулёўкі, абноўлены ілюстрацыйны матэрыял. Правілы па-новаму згрупаваны, што робіць іх больш зручнымі для ўспрымання і засваення. У адпаведнасці з сучаснай моўнай практыкай зменшана колькасць выключэнняў. Многія напісанні падпарадкаваны агульным правілам, што прынцыпова аблягчае навучанне беларускай мове. У прыватнасці, у правілы беларускай мовы ўнесены наступныя змены:
  1. пашыраецца прынцып перадачы акання пры напісанні запазычаных слоў. Прапануецца, напрыклад, пісаць трыа, адажыа, Токіа і пад. (паводле дзеючых “Правіл” пішацца трыо, адажыо, Токіо).  У словах іншамоўнага паходжання канцавыя элементы –эр, -эль прапанавана перадаваць як –ар, -аль: прынтар, камп’ютар, пэйджар і пад.(паводле дзеючых “Правіл” пішацца  прынтэр, камп’ютэр, пэйджэр);
  2. паводле агульнага правіла перадачы на пісьме якання ў першым пераднаціскным складзе прапанавана пісаць словы дзявяты, дзясяты, сямнаццаць, васямнаццаць  (паводле дзеючых “Правіл” пішацца дзевяты, дзесяты, семнаццаць, васемнаццаць);
  3. пашыраецца напісанне нескладовага ў у большасці слоў іншамоўнага паходжання, напрыклад: ва ўніверсітэце, пасля ўнікальнай аперацыі, фаўна і г.д.(паводле дзеючых “Правіл” пішацца ва універсітэце, пасля унікальнай аперацыі, фауна);
  4. у адпаведнасці з сучаснай моўнай практыкай уносяцца змены ў напісанне складаных і складанаскарочаных слоў. Напрыклад,прапануецца пісаць гаркам газпрам і г. д. (паводле дзеючых “Правіл” пішацца гарком, газпром);
  5. уніфікуецца напісанне мяккага знака ў прыметніках на –ск(і), утвораных ад уласных назваў. Прапанавана пісаць чаньчунскі, цяньшанскі, як і любанскі, астраханскі (паводле дзеючых “Правіл” пішацца чаньчуньскі, цяньшаньскі);
  6. упарадкавана напісанне вялікай і малой літар у назвах органаў улады, арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў, а таксама ў назвах асоб па пасадах, званнях, тытулах і г. д.;
  7. уведзены новы параграф “Вялікая і малая літары ў назвах асоб, звязаных з рэлігіямі, у назвах міфалагічных і казачных герояў”. З вялікай літары прапануецца пісаць  асабовыя назвы божастваў (бостваў) у рэлігійных культах, а таксама ўсе словы ў спалучэннях, якія змяшчаюць гэтыя назвы: Бог, Усявышні, Святая Троіца і інш.;
  8. у пачатку і ў сярэдзіне слоў гукавое спалучэнне [й]+галосны перадаецца ётаванымі галоснымі, як і ў словах уласнабеларускіх: Нью-Ёрк, Ёфе;
  9. рэгламентавана ўжыванне ў беларускай мове дзеясловаў іншамоўнага паходжання з суфіксам –ава- (-ява-) і –ірава- (-ырава-)ліквідаваць, а не ліквідзіраваць, акліматызаваць, а не аклімацізіраваць,  але камандзіраваць, а не камандаваць, будзіраваць, а не будаваць і г.д.;
  10. са  зводу  правіл  выключаны  раздзелы  “Галосныя  ў  некаторых  ненаціскных  канчатках   назоўнікаў”,   “Галосныя   ў  некаторых  канчатках  прыметнікаў і займеннікаў”, “Галосныя ў ненаціскных асабовых   канчатках   дзеясловаў”.   Палажэнні  гэтых   раздзелаў датычацца     не     правапісу,     а     словазмянення   і   знаходзяць адлюстраванне ў граматыцы беларускай мовы;
  11. уведзены новы раздзел “Правапіс некаторых марфем”, у якім у   сістэмным  выглядзе  сабраны   звесткі  пра   правапіс  прыставак, суфіксаў;
  12. спрошчаны правілы пераносу слоў, што адпавядае сучасным выдавецкім тэхналогіям.

Прапанаваны іншыя ўдакладненні, якія ў цэлым робяць беларускі правапіс больш паслядоўным і несупярэчлівым. Закон Рэспублікі Беларусь “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” з’яўляецца аптымальным у сучаснай моўнай сітуацыі ў краіне і будзе садзейнічаць стабілізацыі правапісных нормаў беларускай літаратурнай мовы.

Полезные ссылки

ВЕРСИЯ ДЛЯ СЛАБОВИДЯЩИХ